Беларуская Служба

80 гадоў таму быў аддадзены загад узарваць «Воўчае логава» — стаўку Гітлера ва Усходняй Прусіі (ФОТА/ВІДЭА)

25.01.2025 13:02
Стаўка вядомая таксама тым, што тут 20 ліпеня 1944 года Клаўс фон Штаўфенберг і Вернер фон Хафтэн здзейснілі вядомае пакушэнне на фюрара.
Аўдыё
  • 80 гадоў таму быў аддадзены загад узарваць «Воўчае логава» — стаўку Гітлера ва Усходняй Прусіі
Адольф Гітлер у «Воўчым логава» крыніца: bundeswehr.de

80 гадоў таму быў аддадзены загад узарваць «Воўчае логава» —галоўную стаўку фюрара і камандны комплекс Вярхоўнага камандавання Узброенымі сіламі Трэцяга Рэйху. Стаўка знаходзілася ў тагачаснай Усходняй Прусіі, сёння — гэта тэрыторыя Польшчы.

«Воўчае логава» (Wolfsschanze) было размешчанае ў лясным масіве каля горада Растэнбург (сёння — горад Кэнтшын Вармінска-Мазурскага ваяводства Польшчы).

Будаўніцтва стаўкі пачалося ў 1939 годзе. «Воўчае логава» выкарыстоўвалася з 21 чэрвеня 1941 года (напярэдадні нападу Германіі на Савецкі Саюз) да 20 лістапада 1944 года. Стаўка Wolfsschanze вядомая таксама тым, што тут 20 ліпеня 1944 года палкоўнік Клаўс фон Штаўфенберг і яго ад’ютант обер-лейтэнант Вернер фон Хафтэн здзейснілі вядомае пакушэнне на фюрара, у выніку якога аднак Гітлер амаль не пацярпеў.

Гітлер аглядае месца замаху 20 ліпеня 1944 года. Крыніца: commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 DE Гітлер аглядае месца замаху 20 ліпеня 1944 года. Крыніца: commons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 DE

Комплекс быў схаваны ў лясным гушчары, ахоўваўся некалькімі кольцамі ўзмоцненай аховы. Для яго ўзвядзення было выкарыстана больш за 50 тыс. кубаметраў бетону. Некаторыя сцены мелі таўшчыню некалькіх метраў. Стаўка мела таксама прапагандысцкі характар, бо была высунутая найдалей на ўсход, у бок мяжы з Савецкім Саюзам. Дыверсанты ворага практычна не маглі да яе дабрацца, таму што, акрамя аховы, тэрыторыя была пакрытая густым лесам, а вакол — балоты і шматлікія азёры.

На будаўніцтве аб’ектаў працавала 30-50 тыс. Чалавек, а будавала іх «Арганізацыя Тодта».

Відэа: візіт маршала Фінляндыі Карла Густава Манергейма ў «Воўчым логаве» 

«Воўчае логава» — гэта больш за 80 бункераў і ўмацаваных збудаванняў, якія былі размешчаныя на тэрыторыі ў 250 га і акружаныя некалькімі кольцамі загародаў з калючага дроту, міннымі палямі, назіральнымі вышкамі, кулямётнымі і зенітнымі пазіцыямі. 

З Берлінам стаўку звязваў прамы тэлефонны кабель, недалёка ад яе была чыгуначная станцыя і аэрадром. Для таго, каб «Воўчае логава» нельга было ўбачыць з паветра, выкарыстоўваліся макеты дрэваў і маскіровачная сетка.

Відэа: Фрагмент фільму «Аперацыя «Валкірыя» (2008 год)  — пакушэнне на Гітлера

Гітлер пакінуў «Воўчае логава» 20 лістапада 1944 года і пераехаў у стаўку пад Берлінам. Адразу ж пасля гэтага немцы пачалі ўзрываць аб’екты. Паводле гісторыкаў, для гэтага было выкарыстана каля 8 т тратылу. Тое, што засталося, было вырашана ўзарваць менавіта 80 гадоў таму — ноччу з 24 на 25 студзеня 1945 году. 

Пасля вайны расчытскай тэрыторыі ад мінаў занялося Войска Польскае. Вашай увазе фрагмент рэпартажу Польскага радыё з 1957 году пра працу польскіх сапёраў. 

- Лес у гэтым месцы быў толькі прыкрыццём. Бетон сягае па вышыні стогадовых дрэваў, націскае на зямлю тысячамі тон, распіхвае дрэвы. Бетон усюды: на зямлі, над зямлёй, пад зямлёй. Ён чарнее паўсюдна: пануры, глухі, нямы. Лес зарос крапівой. Ён жыве, хоць карэннямі аплёў мінныя дэтанатары. Цяпер лес прыціх у чаканні. Сапёры топчуць крапіву сантыметр за сантыметрам. 

Расчыстка тэрыторыі ад мінным палёў працягвалася яшчэ шмат гадоў пасля вайны — да 1956 года.

Відэа: «Воўчае логава» - актуальны стан

Цяпер на тэрыторыі «Воўчага логава», а дакладней таго, што ад яго засталося, музей, які працуе круглы год. Тут таксама ўстаноўлены помнік удзельнікам загавару 20 ліпеня 1944 году.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

 

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу